?

Log in

 
 
24 March 2016 @ 04:54 pm
Контактная импровизация: танец без ограничений  
Вот такая коротенькая зарисовка получилась в молодечненских СМИ о контактной импровизации, о двидении, о занятиях. О том, чем занимается Лаборатория Движения.


Адказ на пытанне, ці дакладна мы ведаем магчымасці свайго цела, маладзечанка Вікторыя Ігнаценка знайшла ў кантактнай імправізацыі.

Памятаеце, як у дзяцінстве мы знаёміліся з навакольным светам, заводзілі сяброў? Варта ўсяго на хвіліну спыніцца, каб зразумець, што за звычайным дотыкам хаваюцца сапраўдныя прыгоды.
— Танец даўно перастаў быць толькі мастацтвам самавыяўлення. Нездарма пра яго напісана мноства артыкулаў, складзена шмат прыказак і крылатых выразаў. Часта можна пачуць, як танец называюць жыццём, а жыццё – танцам. Калі размова ідзе пра кантактную імправізацыю (КІ), гэта адно і тое ж, — гаворыць Вікторыя.

— І што азначае гэта паняцце?
— Танец, аснова якога – імправізацыя і свабодныя рухі з партнёрам. Людзі вядуць «дыялог» праз размеркаванне вагі і інерцыі. Цела расслабляецца, з кожным танцам мы ўсё больш пачынаем разумець яго, здымаецца напружанне ў мышцах, рухі становяцца натуральнымі і свабоднымі. У кантакце кропка дотыку заўсёды блукае па паверхні цела. Таму важна карэктна размеркаваць вагу партнёра і правільна прыняць імпульс яго рухаў.

Кантактная імправізацыя вучыць адчуваць сябе. «Кантактнікі» (людзі, якія танцуюць КІ) не выкарыстоўваюць схемы і шаблоны рухаў, іх свабоду абмяжоўваюць толькі час і цярпенне публікі. Тут няма паняцця «прыгожа — непрыгожа», кожны танцуе ў сваім рытме і сам адказвае за свой фізічны стан. Інструктар толькі папярэджвае аб небяспецы і магчымых траўмах.



А дзе ты навучылася танцаваць?
— У 2006 годзе, калі вучылася ў Вільнюсе, шукала тэму для вучэбнага фотарэпартажу. Так трапіла на фестываль па кантактнай імправізацыі, дзе сама пачала танцаваць. Затым былі міжнародныя фестывалі. Адзін з іх я дапамагала арганізаваць у Вільнюсе, была там інструктарам. Праводзіла заняткі таксама ў Расіі, а ў Маладзечне танцавала з навучэнцамі ўзорнага тэатра-студыі «ТэсТ» гімназіі №10.

Кантактную імправізацыю танцуюць амаль паўстагоддзя. У студзені 1972 года на канферэнцыі ў Аберлінскім каледжы (ЗША) танцоры Сціў Пэкстан, Джадсан Чарч і яшчэ адзінаццаць чалавек на працягу дзесяці хвілін бесперапынна сутыкаліся, валяліся па падлозе, скакалі і кідалі адзін аднаго. Гэты перформанс называўся «Магній». Ён і стаў своеасаблівым пачаткам развіцця кантактнай імправізацыі. Моцны ўплыў на развiццё КI аказала і Нэнсi Старк Смiт.

— Ці шмат аматараў КІ ў Маладзечне?
— Калі працавала ў гімназіі №10, мы ладзілі джэмы* ў студыі Дзмітрыя Хаўроніна. Нас было пяцёра чалавек, а на азнаямленчыя заняткі прыходзіла і да дваццаці. Адметнасць маладзечанцаў у тым, што на майстар-класах яны хочуць навучыцца правільна дыхаць, расслабляць i разумець сваё цела. Таму перыядычна я праводжу яшчэ заняткі па рэлаксацыі i аўтэнтычным руху. Інфармацыю пра іх размяшчаю ў інтэрнэце. Таксама майстар-класы ла-
дзяцца ў межах фестывалю «Час жыць!».

— А для чаго людзі займаюцца кантактнай імправізацыяй?
— Танец вучыць жыць іншымі катэгорыямі руху. Ты выходзіш на вуліцу і адчуваеш, як лятаюць птушкі, крочаць людзі… Ты сам становішся рухам. Гучыць метафарычна, але КІ немагчыма тлумачыць толькі на ўзроўні тэарэтычнага значэння. Напрыклад, у школе я камплексавала з-за сваёй нязграбнасці, кантакт навучыў мяне ставіцца да сябе з улікам унутранага самаадчування.
* Джэм – фармат танца, дзе людзі могуць быць і гледачамі, і танцорамі.

Юлія ШАБЛОЎСКАЯ.
Фота: архiў Вікторыі ІГНАЦЕНКА.